“
Сказаць праўду, Лабановічу трохі страшна. Страшна гэтага новага павароту ў жыцці, бо ён немінуча павінен пайсці па дарозе, дзе так многа небяспекі, дзе на кожным кроку цябе можа чакаць ліхая прыгода. У яго ўяўленні рысуюцца арышты, астрогі, ссылка. З таго часу, як пачаў настаўнік весці сваю патайную работу, ён адчувае нейкі непакой і трывогу. Калі яму здаралася бачыць тут якога-небудзь паліцэйскага чына, мімаволі думалася, ці не па яго справе зʼяўляецца гэты прадстаўнік улады. Нервы ўвесь час былі трохі ўзняты, і ён стаў падазроным і асцярожным, асабліва калі да яго пачалі даходзіць сякія-такія чуткі аб яго паводзінах. Але патрошку ён прывык да мыслі, што можа папасціся, што яго заарыштуюць, і перастаў гэтага баяцца. Наадварот, яму часамі арышт здаваўся прынадным, не пазбаўленым своеасаблівай прыемнасці. Чаму ж і не пацярпець за праўду? Чаму не спрабаваць лёсу «крамольніка»? Чаму не зазнаць астрожнага жыцця? Астрог таксама ёсць школа, дзе жыццё пазнаецца больш глыбока і востра. Апроч усяго гэтага, тут ёсць і пэўная рызыка, ёсць асалода змагання. Ты ведаеш, што за кожным тваім крокам сочаць, што, калі ўсё выкрыецца, цябе будуць лавіць, будуць судзіць, але ты таксама можаш не паддавацца, выкручвацца, весці сапраўднае змаганне за сваё права жыць на волі.
”
”